СЦЭНІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,
адзін з асноўных відаў танца, які прызначаны для выканання на сцэне (у адрозненне ад бытавога танца). Гал. прыкмета С.т. — наяўнасць маст. вобраза, які ствараецца ўдасканальваннем выразных магчымасцей быт. і нар. танцаў. У стварэнні С.т. важная роля належыць харэографу-пастаноўшчыку, які выразнымі сродкамі танца надае пластыцы сцэн. твора новыя эстэт. якасці.
С.т. бярэ пачатак у фалькл. мастацтве народаў свету. Яго ўзнікненне звязана са з’яўленнем прафес. мастацтва. Ужо ў антычнасці адбыўся яго падзел на ўласна танец і пантаміму. Сучасная сістэма С.т. з падзелам на класічны танец і характарны танец, пачала складвацца ў эпоху Адраджэння; яна развіваецца, удасканальваецца і ўбірае ў сябе элементы інш. пластычных і танц. сістэм (бальнага танца, драм. пантамімы, свабоднай пластыкі, сучаснай харэаграфічнай мовы). Асн. віды сучаснага С.т.: класічны, нар.-сцэнічны, танец мадэрн, джаз-танец і інш.
На Беларусі С.т. развіваўся ад пачатковых форм у творчасці скамарохаў. Больш дасканалых форм ён дасягнуў у балетных спектаклях прыгонных т-раў 18—19 ст., у паказах трупы І.Буйніцкага ў пач. 20 ст. У наш час пашыраны ў Нац. т-ры балета Беларусі, у дзейнасці прафес. і аматарскіх харэаграфічных калектываў розных маст. кірункаў.
С.В.Гуткоўская.
т. 15, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)